Як завіць вянок для маладой і выпечы вясельны хлеб, раскажуць у Любані


У Любанскім музеі традыцыйных промыслаў і рамёстваў — філіяле тутэйшага музея народнай славы — нядаўна адкрылася новая выстава “Прабабуліна вяселле”.

Выстава расказвае пра шлюбныя абрады, што бытавалі ў гэтых мясцінах у 30-40 гады мінулага стагоддзя. Якраз тады, калі прабабулі і прадзядулі сучаснай моладзі ішлі пад вянец.

Шлюбную абрадавасць можна падзяліць на перадвясельную, вясельную і паслявясельную. І ўсе тыя абрады (і даведкі, і сватанне, і запоіны, і агледзены, і заручыны, і вянчанне, і само вяселле, і шмат чаго яшчэ) былі скіраваны на адзінае: каб каханне паміж мужам і жонкай было моцным, каб шчаслівай была іх сям’я, каб у ёй панавалі згода і дабрабыт, каб лёс не абдзяліў добрымі нашчадкамі — сынамі і дочкамі.

Узяць хаця б абрад выпякання вясельнага каравая (выпечка ў першай зале адразу кідаецца ў вочы і буйным памерам, і прыгожым аздабленнем). Тут увасоблены адзін з асноўных прынцыпаў народнай культуры – падобнае выклікае падобнае. Людзі верылі, што тыя, каму даручана выпякаць каравай (іх шчаслівая доля, колькасць дзяцей, павага з боку аднавяскоўцаў), абавязкова паўплываюць на лёс будучай сям’і. Самае найлепшае для маладых “праграмаваў” і сам працэс прыгатавання прысмакі.

Асаблівая ўвага нададзена абраду завівання вянка для маладой. Гэты раздзел экспазіцыі стаў своеасаблівай персанальнай выставай народнага майстра Раісы Вальковай з вёскі Кузьмічы. Справа ў тым, што Раіса Міхайлаўна ў свой час рэканструявала мноства такіх вянкоў.

— Некаторыя, як кажуць, па памяці, бо бачыла ў дзяцінстве, — тлумачыць жанчына, — некаторыя па старых фатаграфіях, якія засталіся ў сямейных альбомах. Іншыя — па апісаннях, што давалі жыхаркі населеных пунктаў, дзе мне давялося пабываць.

— Такі вянок, — працягвае майстрыха, паказваючы на свае работы, змешчаныя ў экспазіцыі, — завівалі некалі сяброўкі нявесты ў суседняй вёсцы Нежын. А гэтыя — нашы, кузьміцкія. А вунь той — “базарны”. Жаніх з больш заможнай сям’і мог дазволіць сабе паехаць на кірмаш, купіць там вянок, зроблены “прафесіяналамі”, а потым падарыць сваёй абранніцы.

— Але, канешне, часцей вянкі для тых дзяўчат, што выходзілі замуж, майстравалі ўласнымі рукамі, — гаворыць Раіса Валькова. — У справу ішлі папера, дрот, воск. Якія кветкі рабілі? Ружы, мальвы і іншыя — па сезону. Цюлявы вэлюм з’явіўся крыху пазней. Спачатку былі рознакаляровыя стужкі, якія мацаваліся да вянка. Пасля — накрухмаленая марля. Па вянку, дарэчы, можна было меркаваць пра, як цяпер сказалі б, статус нявесты. Бачыце той белы з зялёным вянок? Ён азначаў, што дзяўчына — сірата (такой лічылася, калі ў яе памёр хаця б адзін з бацькоў). Калі ж з поўнай сям’і —чырвоны колер пераважае.

— Увогуле ж, — падводзіць рысу пад гутаркай Раіса Міхайлаўна, — нявесцін вянок станавіўся гэткай рэліквіяй: яго захоўвалі, перадавалі з пакалення ў пакаленне. Зноў жа маладая магла аддаць свой вянок свякрусе, а тая ўпрыгожвала ім абразы. На выставе размешчаны і такі экспанат.

Ёсць і нямала іншага. Дапусцім, тое самае традыцыйнае адзенне жыхароў Любаншчыны (узята з фондаў музея), якое яны апраналі, калі гулялі вяселле. А таксама ручнікі (іх павінна была наткаць маладая), посцілкі, наміткі, паясы, дзежкі для замешвання цеста.

Ну і якое ж вяселле без музыкаў?! Скрыпка, кларнет, гармонік з цымбаламі —ўсё гэта “набор” інструментаў некалі самага папулярнага (і за межамі раёна!) вясельнага гурта з вёскі Плюсна, якім кіраваў Часлаў Бяскосты. Чэсь Ігнатавіч быў не толькі віртуозным музыкам, але і выдатным майстрам, які сам вырабляў інструменты. Цымбалы якраз яго рук справа.

Источник: mlyn.by

Добавить комментарий