Новую систему отслеживания посылок внедряет «Белпочта»

Любая пасылка заўсёды хавае ў сабе сюрпрыз, нават калі адрасат дакладна ведае, што яна павінна змяшчаць, а значыць, з’яўляецца чаканай. Добра, што ў апошні час няма неабходнасці з нецярпеннем заглядаць у паштовую скрынку або нават бегаць на пошту — шлях пасылкі можна прасачыць у інтэрнэце. Тым больш што нядаўна на РУП «Белпошта» замянілі састарэлае праграмнае забеспячэнне па сачэнні за пашто­вымі адпраўленнямі на праграмна-тэхнічны комплекс такога ж прызначэння і расказалі пра яго «Рэспуб­ліцы».

Да кожнай пасылкі прымацоўваецца квітанцыя з неабходнай інфармацыяй.

У адрозненне ад лістоў і паштовак, якія зараз амаль паўсюдна страцілі папяровы выгляд, рэчы па электроннай пошце не адправіш. Наадварот, дзякуючы сайтам, на якіх можна заказваць і набываць тавары, пасылачны трафік актыўна ўзрастае. Паспрыяла гэтаму і павелічэнне штомесячнага ліміту на бяспошлінныя пасылкі з-за мяжы: можна заказваць тавар на суму да 200 еўра вагой да 31 кілаграма ў адрас адной фізічнай асобы. Але адно паштовае адпраўленне павінна каштаваць не больш за 22 еўра і важыць не больш за 10 кілаграмаў. Вопратка і цацкі, інструменты і тэлефоны, планшэты і сувеніры — што толькі мы не заказваем! 

Пры адпраўцы кожнай пасылкі з Беларусі за мяжу кліенту выдаецца квітанцыя са штрых-кодам з нумарам. Гэта і ёсць унікальны паштовы ідэнтыфікатар, па якім можна прасачыць шлях пасылкі. Нумар адпраўлення складаецца з 13 сімвалаў: дзве літары лацінскага алфавіта, далей 9 лічбаў і яшчэ дзве лацінскія літары, якія абазначаюць код краіны падачы. Каб даведацца, на якіх прасторах знаходзіцца пакунак, неабходна зайсці на сайт РУП «Белпошта», знайсці раз­дзел «Сачэнне за паштовымі адпраўленнямі», у патрэбны радок увесці гэты нумар без прабелаў і націснуць кнопку «Знайсці». Усе падзеі, што адбываюцца з адпраўленнем, зафіксаваны: паказаны дзень, калі яно прынята поштай ад адпраўшчыка, перададзена на мытню ў выпадку, калі адпраўляецца за мяжу. Ніякай магчымасці згубіцца! 

Паштовы ідэнтыфікатар змяшчае 13 сімвалаў.

Дакладна гэтак жа можна прасачыць за паштовым адпраўленнем з іншай краіны, калі ведаць яго трэк-нумар. На сайце «Белпошты» ён становіцца бачным з моманту адпраўлення.

Праграма, якая дазваляла вызначыць, дзе знаходзіцца адпраўленне, існавала і раней, але на сёння яна састарэла.

— Ва ўмовах паскарэння тэмпаў росту рынку паштовых паслуг старая сістэма адсочвання абмяжоўвала збор і апра­цоўку дадзеных, неабходных для аператыўнага кіраўнічага ўліку, — зазначыла Вікторыя Джуху­нян, прэс-сакратар РУП «Бел­пошта». — Праграмна-тэхнічны комплекс сачэння за рэгістраванымі паштовымі адпраўленнямі прызначаны для арганізацыі цэнтралізаванага збору інфармацыі аб аперацыях, якія здзяйсняюцца ў адносінах да паштовых адпраўленняў з мэтай кантролю якасці аказання паслуг паштовай сувязі, аўтаматызацыі працэсаў фарміравання паштовай дакументацыі і статыстычных да­дзеных, забеспячэння захаванасці паштовых адпраўленняў. Распра­цоўка новай сістэмы была планавай, з павелічэннем ліміту на бяспошлінныя пасылкі з-за мяжы яна не звязана.

Прасачыць шлях пасылкі можна і праз мабільны тэлефон.

На пошце сцвярджаюць, што для адрасатаў пры атрыманні паштовых адпраўленняў нічога не зменіцца: як і раней, пры паступленні пасылкі ў аддзяленне паштовай сувязі месца прызначэння ім даставяць паведамленне. Усе адпраўленні, якія падлягаюць дастаўцы, прынясуць па названым адрасе.

Ксенія ЯЎГЕНІЧ

Источник: sb.by

Добавить комментарий